Новости

“Спасцігаючы загадку Максіма Багдановіча…”

Кожны год 9 снежня у нашай краіне праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя дню нараджэння Максіма Багдановіча. Напярэдадні гэтай даты навучэнцы спецыялізаванага ліцэя МУС наведалі літаратурны музей паэта, чыё імя ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларускай культуры.

Пры ўваходзе ліцэістаў сустрэлі экскурсаводы, якія прапанавалі азнаёміцца з адноўленай экспазіцыяй музея, здзейсніць падарожжа па цікавых старонках жыцця маладога класіка, адкрыць для сябе веліч асобы паэта і незвычайны свет яго паэзіі.

Сярод экспанатаў вялікую колькасць складаюць яго кнігі, рукапісы паэта, старонкі дзённіка, успаміны сучаснікаў пра паэта.  Калекцыя дакументаў прадстаўлена асабістымі дакументамі сям’і Багдановічаў і іх сваякоў.

Ліцэісты наведалі пяць залаў экспазіцыі, кожная з іх адлюстроўвае акрэслены перыяд жыцця паэта, цесна звязаны з асобнай тэмай яго творчасці: тэма дзяцінства і ранняга юнацтва М.Багдановіча, працэс станаўлення творчай індывідуальнасці паэта, цыкл вершаў зборніка “Вянок”, цыкл “Мадонны”, трагізм апошніх месяцаў жыцця Максіма.

Дадзеная экскурсія дазволіла ўпэўніцца ў тым, што маладому пакаленню  неабыякавы лёс вялікіх людзей.